Поделиться Поделиться

Фаналогія і арфаграфія. Графіка беларускай мовы

Нягледзячы на тое, што фанема служыць мінімальнай моўнай адзінкай, якая з сінтагматычнага пункту гледжання не падзяляецца на часткі, яна не мае адназначнай інтэрпрэтацыі з боку спецыялістаў, якія належаць не толькі да розных навуковых школ, але і да адной школы. Напрыклад гук ы ў беларускай мове вылучаецца ў якасці самастойнай адзінкі фактычна ва ўсіх фанетычных апісаннях і класіфікацыях, але ён не мае фаналагічнага статуса, не выконвае сэнсаадрознівальнай функцыі, таму характарыстыка яго ўпоравень з іншымі мінімальнымі адзінкамі мовы з’яўляецца супярэчлівай: такой фаналагічнай адзінкі нібы і не існуе ў беларускай мове, але ёй знаходзіцца месца ў большасці адпаведных класіфікацый беларускіх фанем.

Хаця фаналогія як навука аб драбнейшых адцягненых адзінках мовы ўзнікла толькі ў 20 стагоддзі, інтуітыўна патрэба ў гэтых адзінках адчувалася вельмі даўно, па крайняй меры, з часоў стварэння першых алфавітных сістэм, калі адзін гук адлюстроўваўся адным графічным знакам, што характарызуецца як геніяльнае адкрыццё, а алфавітнае адлюстраванне членападзельнасці мовы зазначаецца нават як яе сутнасць. Вынаходнікі літарнага пісьма для розных моў (у тым ліку Кірыл і Мефодый для славянскай пісьменнасці, якая ва ўдасканаленым выглядзе выкарыстоўваецца ў сучаснай беларускай мове) кіраваліся ў сваёй творчай дзейнасці не столькі на характар вымаўлення гукаў, на іх акустычныя якасці, колькі на функцыі гукаў. Менавіта таму фактычна безліч гукаў маўлення, класы якіх і аб’ядноўваюцца ў сучасным мовазнаўстве ў фанемы, пры іх пісьмовым адлюстраванні зводзілася ўсяго да некалькіх дзесяткаў літар, з дапамогай якіх фіксаваўся не фанетычны, а пераважна фаналагічны прынцып пісьма. Звядзенне мноства рэальных гукаў нашага маўлення да абмежаванай колькасці фаналагічных адзінак і літар адбываецца, магчыма, і таму, што ў гэтых адзінках фіксуюцца толькі тыя прыкметы, якія служаць фаналагічна істотнымі, г. зн. адыгрываюць сэнсаадрознівальную ролю, з’яўляюцца дыферэнцыяльнымі ў мове, нясуць функцыянальную нагрузку. Іменна падсвядомая фаналагічная арыентацыя стваральнікаў алфавітаў прыводзіць да таго, што спецыялістамі так і не створаны строгія арфаграфічныя сістэмы, якія б цалкам адпавядалі гукавым сістэмам той ці іншай мовы. Больш таго, некаторыя алфавіты, напрыклад лацінскі для англійскай мовы, маюць істотныя несупадзенні з гукамі пэўнай мовы.

Кірыліцкі алфавіт сучаснай беларускай літаратурнай мовы больш паслядоўна адлюстроўвае яе фанетычную сістэму, але, зразумела, далёка не адэкватна адпавядае ёй, бо мае, па-першае, літары, якім няма гукавых адпаведнікаў, напрыклад ь; па-другое, адной літарай перадаюцца або спалучэнні двух гукаў (параўн.: я, е, ё, ю), або якасна розныя гукі ці фанемы (цвёрдыя і мяккія, звонкія і глухія і інш.). Асобныя гукі беларускай мовы перадаюцца спалучэннямі літар, у прыватнасці дыграфамі дз, дж, а таксама спалучэннем з мяккім знакам (параўн.: гусь, радасць, пісьмо і інш.); спалучэннем літар перадаецца і вымаўленне падоўжаных зычных (параўн.: збожжа, вяселле, насенне і інш.).

Для перадачы пяці галосных фанем беларускай мовы, якія выконваюць сэнсаадрознівальную ролю, выкарыстоўваецца 10 літар: а, е, ё, і, о, у, э, ы, ю, я. З іх так званыя ётавыя е, ё, і, ю, я ў пачатку слова, а пасля галосных, ў, апострафа ў сярэдзіне і ў канцы слова выражаюць спалучэнне гукаў (й + адпаведны галосны э, о, і, у, а). З дапамогай дадзеных літар перадаецца і мяккасць зычных (параўн.: люк - лук, нёс - нос, спяц ь - спаць, сіта - сыта, без - бэз і г. д.).14 беларускіх літар б, в, г, дз, з, к, л, м, н, п, с, ф, х, ц перадаюць на пісьме і цвёрдыя зычныя (у прыватнасці, пасля галосных, што абазначаюцца літарамі а, о, ы, у, э), і мяккія (абазначаюцца спалучэннем з ётавымі ці з мяккім знакам). Літары д, дж, ж, р, т, ў, ч, ш абазначаюць на пісьме адпаведныя цвёрдыя зычныя гукі. Правапіс галосных і зычных гукаў беларускай літаратурнай мовы падпарадкоўваецца кадыфікаваным правілам.

У складзе сённяшняга беларускага алфавіта налічваецца 34 літары, кожная з якіх мае чатыры варыянты свайго графічнага адлюстравання, або чатыры графемы: рукапісная, друкаваная, малая, вялікая.

А, а, а, А; б, Б. б, Б; в, В. в, В; г, Г, г, Г; д, Д, д, Д; дж, Дж, дж, Дж; дз, Дз, дз, Дз; е, Е, е, Е; ё, Ё, ё, Ё; ж, Ж, ж, Ж; з, З, з, З; і, І, і, І; к, К, к, К; л, Л, л, Л; м, М, м, М; н, Н, н, Н; о, О, о, О; п, П, п, П; р, Р, р. Р; с, С, с, С; т, Т, т, Т; у, У, у, У; ў, Ў, ў, Ў; ф, Ф, ф, Ф; х, Х, х, Х; ц, Ц, ц, Ц; ч, Ч, ч, Ч; ш, Ш, ш, Ш; ы, Ы, ы, Ы; ь, Ь, ь, Ь; э, Э, э, Э; ю, Ю, ю, Ю; я, Я, я, Я.

Паслядоўнасць размяшчэння літар у алфавіце з’яўляецца штучнай, умоўнай, але яе трэба ведаць гэтаксама добра, як табліцу множання, бо ў прыведзеным алфавітным парадку будуюцца разнастайныя слоўнікі (тлумачальныя, энцыклапедычныя, арфаграфічныя і г. д.), картатэкі і каталогі ў бібліятэках, шматлікія даведнікі, адрасныя і тэлефонныя кнігі і да т.п.

Паняцце транскрыпцыі

Паколькі суадносіны паміж літарамі беларускага алфавіту і гукамі беларускай мовы не з’яўляюцца адэкватнымі, для дакладнай перадачы гучання маўлення выкарыстоўваецца фанетычная транскрыпцыя, дзе кожны гук перадаецца асобным графічным знакам. Такім чынам, фанетычная транскрыпцыя служыць пераходам ад літары да гука на аснове тых правіл чытання, якія дзейнічаюць ў дадзенай мове. Транскрыпцыю трэба адрозніваць ад транслітэрацыі, што перадае адэкватнае напісанне слоў чужой мовы. Так, назва рускага горада Арол транскрыбіруецца як [арол], а транслітаруецца як [ор’ол]. Для транскрыпцыі і транслітэрацыі ўжываюцца літары беларускага алфавіта і спецыяльныя значкі, што перадаюць адметнасць гучання затранскрыбіраванага слова. У беларускай транскрыпцыі не выкарыстоўваюцца ётавыя літары, а таксама мяккі знак, замест якога прымяняецца коска, што ставіцца справа і зверху ад літары, суадноснай з мяккім зычным. Гукі, словы, словазлучэнні, сказы і тэксты, што падлягаюць транскрыпцыі, заключаюцца ў квадратныя дужкі (параўн.: [л’], [п’эн’], [ц’ашк’і дз’эн’], [наступ’іла ц’оплайэ л’эта] і да т.п.). Знак [] над літарамі дз, дж перадае злітнае вымаўленне дадзеных зычных беларускай мовы: націск кожнага слова, якое мае звыш двух складоў, памячаецца значком [‘]. Пры падоўжаным вымаўленні зычных выкарыстоўваецца гарызантальная рыска, якая ставіцца над адпаведнай літарай (параўн.: [б’ярв’эн’э], [збожа]. Пытальны і клічны знакі прыпынку ў канцы сказа застаюцца назменнымі. Астатнія знакі прыпынку, якія перадаюцца паўзай у вусным маўленні абазначаюцца нахіленымі рыскамі: адной рыскай [/] - кароткая паўза, двума рыскамі [ // ] - доўгая паўза. Двума рыскамі звычайна перадаецца паўза паміж сказамі, ці асобныя сэнсава значымыя выдзяленні кампанентаў сказа пры яго актуальным чляненні. Выбуховы заднеязычны гук, які выкарыстоўваецца ў некаторых запазычаных словах, найперш з польскай мовы, і супрацьпастаўлены па спосабу ўтварэння фрыкатыўнаму заднеязычнаму гуку, перадаецца ў транскрыпцыі літарай г, а фрыкатыўны - літарай h [гірса і hадзіна, ганак і hот і інш.]. Службовыя словы ў тых выпадках, калі яны спецыяльна не выдзяляюцца ў маўленні, калі на іх не падае лагічны націск, вымаўляюцца як адно фанетычнае цэлае разам са знамянальнымі словамі, што спалучаюцца з імі, і перадаецца транскрыпцыяй у адных квадратных дужках, параўн.: пад домам [падомам], над хатай [натхатай] і г. д.

Пры транскрыбіраванні дыялектнага беларускага маўлення, дзе скарыстоўваюцца гукі і іх спалучэнні, якім няма адпаведнікаў у літаратурнай мове, ужываюцца дадатковыя знакі, Так, закрытыя галосныя паўночна-заходняга дыялекту беларускай мовы о, е перадаюцца на пісьме пры іх транскрыбіраванні спецыяльным значком [ˆ]; параўн.: [л‘ ˆес], [кˆот], а дыфтонгі гэтага ж дыялектнага вымаўлення значком []; параўн.: [л’іес], [куон’]. Літарамі ъ, ь перадаюцца рэдукаваныя ненаціскныя галосныя гукі, што ўжываюцца на месцы націскных а, о, е; параўн.: [дз’ьс’атък, в’ьсна] і г. д.

← Предыдущая страница | Следующая страница →